Беларускi ПЭН-Цэнтр

Мэта Беларускага ПЭН-цэнтра — абараняць свабоду слова і прафесійныя правы пісьменнікаў, пашыраць міжнароднае супрацоўніцтва, удзельнічаць у сусветным літаратурным працэсе, развіваць беларускую культуру, выхоўваць ў грамадскай свядомасці высокія гуманістычныя ідэалы

Беларускі ПЭН-цэнтр — рэспубліканская грамадская арганізацыя. Створаны ў лістападзе 1989 года Аргкамітэтам, у які ўваходзілі дваццаць вядомых пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр прыняты ў Сусветную асацыяцыю пісьменнікаў «Міжнародны ПЭН-клуб» у маі 1990 года на Сусветным Кангрэсе. Беларускі ПЭН-цэнтр зарэгістраваны Мінюстам Рэспублікі Беларусь 16 лістапада 1990 года на падставе Статута і Пастановы Савета Міністраў рэспублікі № 274 ад 1 лістапада 1990 года, а таксама перарэгістраваны 31 кастрычніка 1999 года. Як член Міжнароднага ПЭН-клуба Беларускі ПЭН-цэнтр мае статус «А» ў ЮНЕСКА і дарадчы статус у ААН.

ПЭН-цэнтр — аб’яднанне прафесійных літаратараў, створанае з мэтай пашырэння інтэлектуальнага супрацоўніцтва прадстаўнікоў творчых прафесій, удзелу ў міжнародным літаратурным супрацоўніцтве, развіцця беларускай культуры, выхавання ў грамадскай свядомасці высокіх гуманістычных ідэалаў.

Доўгі час прэзідэнтам Беларускага ПЭН-цэнтра быў народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў. У склад Беларускага ПЭН-цэнтра сёння ўваходзяць 105 пісьменнікаў, якія жывуць у Беларусі і за яе межамі — у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Нью-Ёрку, Лёндане, Бэрліне, Габраве, Варшаве і Беластоку. Сябрамі Беларускага ПЭН-цэнтру ёсць такія вядомыя пісьменьнікі, паэты, публіцысты, перакладчыкі, як Рыгор Барадулін, Сьвятлана Алексіевіч, Уладзімер Арлоў, Міхась Тычына, Валянцін Тарас, Карлас Шэрман, Лявон Баршчэўскі, Васіль Сёмуха і многія іншыя.

Беларускі ПЭН-цэнтр дзейнічае на падставе Статута, Канстытуцыі і заканадаўства Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з гэтымі дакументамі ён ажыццяўляе сваю дзейнасць шляхам правядзення даследаванняў, публічных абмеркаванняў, выдавецкай дзейнасці, а таксама ў іншых формах, якія не супярэчаць заканадаўству. ПЭН-цэнтр не ўмешваецца ў дзяржаўную палітыку, не ўваходзіць у палітычныя партыі і рухі, захоўваючы пры гэтым права абнародаваць свой пункт гледжання па тых ці іншых праблемах, якія звязаны з яго мэтамі і абаронай ідэалаў гуманізму.

Адным з важнейшых абавязкаў сваёй дзейнасці Беларускі ПЭН-цэнтр лічыць абарону грамадзянскіх, эканамічных і культурных правоў як сваіх членаў, так і іншых пісьменнікаў і журналістаў усімі даступнымі яму метадамі.

ПЭН-цэнтр выступае за развіццё моўнай разнастайнасці нацыянальных супольнасцяў у межах лінгвістычнага права. Спецыяльная камісія ПЭН-цэнтра прыняла ўдзел у распрацоўцы «Усеагульнай дэкларацыі лінгвістычных правоў». Сёння гэты дакумент перакладзены на 27 моў свету. ЮНЕСКА падтрымлівае намаганні па выкарыстанні дакумента ў якасці афіцыйнай часткі збору міжнародных заканадаўчых актаў і нават стварыў у Парыжы Дэпартамент лінгвістыкі, які займаецца вывучэннем і прасоўваннем Дэкларацыі. Беларускі ПЭН-цэнтр прымае актыўны ўдзел у працы Навуковай камісіі прасоўвання праекта.

Беларускі ПЭН-цэнтр з’яўляецца членам Камітэта «Пісьменнікі ў зняволенні», які створаны ў структуры Міжнароднага ПЭН-клуба, і актыўна ўдзельнічае ў яго дзейнасці па абароне пісьменнікаў і журналістаў, якім учыняюць ганенні, як у Беларусі, так і ў замежжы.

Беларускі ПЭН-цэнтр удзельнічае ў некаторых праграмах ААН. Адна сярод іх — распрацоўка і ўключэнне ў міжнароднае заканадаўства Усеагульнай дэкларацыі правоў і абавязкаў праваабаронцаў. Сумеснымі намаганнямі многіх ПЭН-цэнтраў і міжнародных грамадскіх арганізацый дакумент прыняты як Рабочай групай па тэме, так і Камісіяй ААН па правах чалавека ў Жэневе. 9 снежня 1998 года Генеральная Асамблея ААН на сваёй 53-й сесіі прыняла Дэкларацыю аб праве і абавязку асобы, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, пасля чаго пачаўся працэс прасоўвання дакумента для яго прыняцця ўсімі краінамі на нацыянальным узроўні.

Адна з новых праграм, якая будзе прадметам удзелу для Беларускага ПЭН-цэнтра, гэта Міжнародная праграма ўзаемных мастацкіх перакладаў з мэтай стварэння бібліятэкі сучаснай сусветнай літаратуры. Штаб-кватэра праекта знаходзіцца ў Каталанскім ПЭН-цэнтры (Барселона), з якім нас звязвае дружба і актыўнае супрацоўніцтва. Неўзабаве ўмовы праекта будуць апублікаваны.

РУС ENG

Меню